МІ́НСКІ ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНА-ФУРНІТУ́РНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1928 у Мінску як арцель «Чырвоны металіст», дзе выраблялі падковы, цвікі, рамантавалі ложкі і інш. Мела цэхі: кавальскі, бляшаны, цвіковы, слясарныя. У Вял. Айч. вайну разбурана. Пасля вайны адноўлена, вырабляла ложкі, цвікі, дзіцячыя каляскі, веласіпеды, санкі. У 1956 арцель ператворана ў з-д «Металавырабаў». З 1958 у новым корпусе працуе пластмасавы цэх і гальванічны ўчастак. З 1963 фурнітурна-мех. з-д, з 1965 сучасная назва. У 1977 з-д рэканструяваны. З 1993 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): пластмасавая засцежка «Маланка», метал. і пластмасавая фурнітура для абутку і галантарэі (спражкі, аздабленні, ручкі і замкі для сумак, каблукі і інш.).
т. 10, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)